суббота, 5 мая 2007 г.

Сямёра братоў

Жыла на сьвеце кабета і было ў яе сямёра сыноў, а дачкі не было. Калі прыйшоў час ёй ізноў нарадзіць, сыны сказалі:
– Мы паедзем на паляваньне. Калі ў цябе народзіцца дачка – вывесь рэшата, і мы вернемся дадому, калі сын – вывесь ружжо, мы дамоў ня вернемся, бо нам сястра патрэбна.

Нарадзілася дачка. Кабета папрасіла сваю нявестку, каб тая павесіла рэшата, але нявестка з-за зайздрасьці ружжо павесіла. А маці радавалася: “Вернуцца мае сыны!”.

Вырасла дзяўчынка, а браты ўсё не вярталіся. Дзяўчынка нават і ня ведала, што яны ў яе ёсьць. Аднойчы гуляла яна зь сяброўкамі. Паспрачаліся яны. Сяброўкі пачалі клясьціся і кожная казала:
– Клянуся сваім братам!
Дзяўчынка разгубілася:
– А ў мяне няма брата, што жа мне рабіць? Буду клясьціся нашым цялём!
А сяброўкі пытаюцца:
– Чаму гэта ты цялём клянешся? У цябе ж сямёра братоў ёсьць!
Дзяўчынка заплакала і пабегла дадому.

– Мама, ці ёсьць у мяне браты? – спытала яна ў маці.
– Сямёра братоў, дочачка, ёсьць у цябе. Аднойчы, калі ты павінна была нарадзіцца, пайшлі яны на паляваньне і сказалі мне: “Калі дачка народзіцца – рэшата павесь, мы вернемся, калі сын – ружжо, тады мы ня вернемся”. А жонка твайго дзядзькі з-за зайздрасьці ружжо павесіла, вось браты і не вярнуліся.
– Я пайду шукаць іх, – сказала дзяўчынка.

Доўга блукала яна па сьвеце і нарэшце знайшла дом, у якім нікога не было, але па ўсім было бачна, што людзі ў ім жывуць. Зайшла яна ў дом, падмяла падлогу, прыгатавала абед, усё парабіла, а сама схавалася. Неўзабаве браты дамоў вярнуліся.
– Што гэта? – зьдзіўляюцца яны. – У хаце прыбрана, абед прыгатаваны, а нікога няма! Як такое можа быць?
Так прайшло некалькі дзён, а дзяўчына ўсё не паказвалася.

Аднойчы браты параіліся паміж сабой і вырашылі, што шасьцёра зь іх пойдуць на паляваньне, а сёмы ў хаце застанецца і даведаецца, што тут адбываецца. Сёмы брат схаваўся. Дзяўчына выйшла, падмяла падлогу, прыгатавала абед. Потым прынесла вады, каб замясіць цеста. Юнак злавіў яе за косы і гаворыць:
– Адкуль ты зьявілася, скажы мне?
– Было ў мяне сямёра братоў. Яны сышлі з дому, а я пайшла іх шукаць, – адказвала дзяўчына.
– Так ты ж – наша сястра! – узрадаваўся юнак. – Я пайду распавяду ўсё нашым братам!

Разшукаў юнак братоў.
– Радасную вестку вам нясу! – крыкнуў ён. – Сястра наша знайшлася!
Узрадаваліся браты, кінуліся абдымаць адзін аднаго. Прыйшлі дамоў і сталі распытваць сястру:
– Распавядзі нам, што на самой справе здарылася?
– Жонка нашага дзядзькі з-за зайздрасьці ружжо вывесіла, каб вы не вярнуліся!
– Цяпер гэта твой дом, ты будзеш жыць тут, а мы будзем хадзіць на паляваньне, – сказалі ёй браты.

А жонка іхняга дзядзькі тым часам радавалася: “Як добра – і ўсе сямёра братоў зьніклі, і дзяўчынка таксама зьнікла.” Выйшла яна ўвечары з дому і стала пытацца ў месяца:
– Скажы, хто прыгажэйшы – я ці ты?
– Ні ты, і ні я, – адказваў месяц, – а вось жыве сястра ў сямі братоў – яна прыгажэйшая за ўсіх!

Пачуўшы гэта, пайшла дзядзькава жонка шукаць дзяўчыну. Знайшла яе дом. Пастукала ў дзьверы. Дзяўчына адчыніла ёй, узрадавалася, стала рознымі стравамі частаваць.
– Прынясі мне, калі ласка, вады, піць хачу, – папрасіла госьця.
Дзяўчына прынесла вады. Тая выпіла.
– А цяпер ты папі, – сказала яна дзяўчыне.
Кабета незаўважна кінула свой пярсьцёнак у шклянку. Дзяўчына выпіла ваду са шклянкі, упала і памерла. Кабета хуценька сышла. “Ну, цяпер маё сэрца супакоілася !” – сказала яна сабе.

Вярнуліся браты, глядзяць: сястра іхняя мёртвая ляжыць. Заплакалі яны: “Адвярнулася ад нас шчасьце!”. Ня сталі браты хаваць сястру, зрабілі скрынку, паклалі ў яе дзяўчыну. З аднаго боку скрынку аздобілі золатам, а з другога – срэбрам. Забілі цьвікамі, прывязалі да вярблюда, а самога вярблюда выпусьцілі ў стэп.

Сын падзішаха выехаў на паляваньне, глядзіць: самотны вярблюд брыдзе па стэпу, нікога побач зь ім няма. Прывёў ён вярблюда ў палац. Адчыніў скрынку – а там мёртвая дзяўчына ляжыць, прыгожая як месяц і сонца!
– Абмыйце цела дзяўчыны і апраніце ў саван!” – загадаў сын падзішаха.

Дзяўчыну абмылі, апранулі ў саван. Падышоў да яе маленькі хлопчык.
– Адыдзі, не чапай яе! – закрычалі на яго.
Хлопчык дакрануўся да вуснаў дзяўчыны і дастаў у яе з роту пярсьцёнак – дзяўчына ў той жа момант расплюшчыла вочы, паднялася і села.
– Што гэта? – спалохаліся ўсе.
Дзяўчына распавяла ім пра ўсё, што зь ёй здарылася.
– Ці выйдзеш ты за мяне замуж? – спытаў у яе сын падзішаха.
Дзяўчына пагадзілася. Сем дзён спраўлялі вясельле. Зьдзейсьніліся іхныя мары!


Курдская народная казка. Пераклад з расейскай мовы.

четверг, 3 мая 2007 г.

Нявеста вужа

Аднойчы ў сьпякотны летні поўдзень тры паненкі купаліся ў моры. Адна пытаецца:
– Цікава, хто з нас першай замуж выйдзе?
Другая ёй адказвае:
– Першай выйдзе замуж самая прыгожая!
А трэцяя паненка прамаўчала. Неўзабаве выйшла яна з вады і хацела апрануцца. Зірнула на сукенку – а там вуж ляжыць.
– Вуж, даражэнькі, – просіць паненка, – спаўзі, калі ласка, з сукенкі.
– Заручыся са мною, – адказвае вуж, – тады спаўзу!
– Чаму ж не заручыцца? – сьмяецца дзяўчына. – Толькі аддай мне сукенку!
– Ну, не..., – не пагаджаецца вуж, – спачатку падары мне свой пярсьцёнак.
Зьняла дзяўчына пярсьцёнак і аддала яго вужу. У той жа момант зьнік вуж зь пярсьцёнкам у марскім бяздоньні. Заплакала паненка, а сяброўкі пачалі яе суцяшаць:
– Не маркоцься, дарагая. Можна падумаць, вужы ў нявестах разьбіраюцца!

Але праз тры тыдні вуж прыехаў за сваёй нявестаю. Зь вялікай пашанаю выйшаў ён з мора: сам сядзеў у залатой карэце, на галаве – залатая карона. На вупражы дыяманты зіхацяць. За карэтаю ідуць музыкі ды на розных інструмэнтах граюць. Убачыла ўсё гэта дзяўчына і пабегла да бацькоў:
– Мама, тата, што ж мне рабіць? Вуж за мной прыехаў!
Спалохаліся бацькі, ня ведаюць, што рабіць, што вужу казаць. Але нейкая бабця іх навучыла:
– Можна падумаць, вужы ў нявестах разьбіраюцца, – сказала яна. – Аддайце яму гуску. Вуж абрадуецца і пойдзе.
Аддалі бацькі гуску замест дачкі. Абрадаваўся вуж, узяў гуску і паехаў. Едзе ён, а на дрэўцы сінічка сядзіць ды сьпявае:
– Пан вуж – добры муж, гуску вязе!
Зразумеў вуж, што яго падманулі.

Праз тры тыдні зноў едзе ён за нявестай. Вуж не ў гуморы, ён злуецца ды патрабуе, каб яму неадкладна аддалі нявесту. Але тая ж самая, што і ў мінулы раз, бабця, зноў ім параіла:
– Можна падумаць, вужы ў нявестах разьбіраюцца. Аддайце яму козачку. Вуж абрадуецца і пойдзе.
Аддалі бацькі козачку замест дачкі. Абрадаваўся вуж, забраў козачку і паехаў. Едзе ён, а на дрэўцы сінічка сядзіць ды сьпявае:
– Пан вуж – добры муж, козачку вязе!
Зразумеў вуж, што яго зноў падманулі.

Праз тры тыдні ўжо ў трэці раз едзе ён за нявестай. Вуж раз’юшаны, крычыць, каб ня ўздумалі больш над ім насьміхацца, бо дабром ім гэта ня скончыцца. Бацькі вымушаныя былі аддаць вужу сваю дачку. Абрадаваўся вуж, пасадзіў нявесту ў карэту і паехаў. Едзе ён, а на дрэўцы сінічка сядзіць ды сьпявае:
– Пан вуж – добры муж, прыгажуню-нявесту вязе!
Вуж узрадаваўся яшчэ больш і разам з карэтаю, нявестаю ды музыкамі зьнік у марскім бяздоньні.

Праз год маці нявесты прыйшла да мора і пытаецца:
– Дочачка, любая, распавядзі мне, як жывецца табе?
Выйшла з мора жабка і адказвае:

– Шчасьлівая твая дачка. Жыве яна ў багатым палацы і маленькага сыночка гадуе.
Усьцешылася маці, пачуўшы такія словы, і дадому пайшла.

На другі год маці нявесты зноў прыйшла да мора і пытаецца:
– Дочачка, любая, распавядзі мне, як жывецца табе?
Выйшаў з мора рак і адказвае:
– Шчасьлівая твая дачка. Жыве яна ў багатым палацы і маленькую дочачку гадуе.

На трэці год зноў прыйшла маці нявесты да мора і пытаецца:
– Дочачка, любая, распавядзі мне, як жывецца табе?
Пачуўшы гэта, нявеста вужа абняла свайго мужа і стала прасіць:
– Дазволь мне, калі ласка, у роднай матулі пагасьцяваць, бо сумуе яна безь мяне.
Вельмі не хацеў вуж адпускаць сваю жонку. Але, расчулены ейнымі просьбамі, дазволіў ёй паехаць да маці і пагасьцяваць там тры тыдні.

Узяла нявеста вужа сыночка і дочачку і паехала да роднай матулі ў госьці. Дзьве жабкі карэту цягнулі, а шчупак замест фурмана быў. Сустрэла маці дачку, абняла яе, пацалавала ўнукаў сваіх. Любуецца імі ды плача ад шчасьця. Пагасьцявала нявеста вужа тры тыдні ў матулі, а потым зноў да свайго любага мужа ў марское бяздоньне вярнулася.

Латышская народная казка. Пераклад з расейскай мовы.

Мышка палявая і мышка хатняя

Аднойчы сонечным летнім ранкам вылезла хатняя мышка з норкі і пабегла ў бліжэйшую вёску да сваёй радні – палявой мышкі. Прыбегла да яе і кажа:
– Добры дзень, сястрычка! Ці пазнала ты мяне?
– Прывітаньне, даражэнькая! Ці можа такое здарыцца, каб я сваю сястрычку не пазнала? – адказвае палявая мышка. – Вельмі я ўсьцешаная, што ты мяне наведала! Спадзяюся, ты адразу мяне знайшла? У лесе не заблудзілася?
– Ды не, не заблудзілася. Скажы ты мне лепей, сястрычка, што гэта за гара, пакрытая шчэцьцю, узвышаецца пасярод тваёй хаты?
– Дык гэта ж маё зерне прарасло, мая адзіная ежа, – адказвае, цяжка ўздыхаючы, палявая мышка.

Хатняя мышка ажно лапкамі за галаву схапілася:
– А Божа ж ты мой! Так жа можна і ад голаду памерці! У мяне ж, сястрычка, ежа зусім іншая: на сьняданак я звычайна ем вэнджаную кілбаску, на абед – салёнае сала, а на вячэру – тлустую сьмятану. І ўсё гэта я спакойна бяру на кухні. Не пасьпею з норкі высунуцца – а ежа ўжо ляжыць на маім стале! Ці можна тваё жыцьцё з маім параўнаць? Перабірайся лепей да мяне ў Рыгу. Будзем жыць разам.

Перабралася палявая мышка да сваёй сястрычкі ў гарадзкі дом. Вылезьлі яны ноччу з-пад падлогі і пытаюцца ў цвыркуна:
– Скажы нам, цвыркунок, кот у хаце, ці не?
– Няма яго. Ён яшчэ зранку паехаў на кірмаш мышыныя шкуркі прадаваць! – адказвае цвыркун.
– Тады можна ісьці, – узрадавалася хатняя мышка. – Ты, сястрычка, каля норкі пастой. Я сюды кілбаскі ды сала насіць буду, а ты ўсё гэта ў норку цягні.

Толькі хатняя мышка накіравалася ў бок кухні, як бачыць – кот з гораду вярнуўся. Заўважыў ён мышку і як скокне прама на яе... Пашанцавала яшчэ, што пасьпела яна ў норку ўцячы, іначай дабром бы ёй усё гэта ня скончылася.
– Не перажывай, – супакойвае хатняя мышка палявую, – не бяда, што ў нас тут нічога не атрымалася. Зараз пойдзем праз галоўную нару ў сьвіран па сала.

Пайшлі яны ў сьвіран, а там зноўку непрыемнасьць: гаспадар адчыніў дзьверы, а ягоны цюцік на сястрычак накінуўся. Небаракі тыя ледзьве з жыцьцём ні разьвіталіся. Паглядзела на ўсё гэта палявая мышка і вырашыла вярнуцца на поле ў сваю норку. А сваёй сястрычцы вось што сказала:
– Лепей прарослае зерне есьці ды страху ня ведаць, чым па-панску харчавацца ды за сваю шкурку ўвесь час трэсьціся. Я сваё зерне сама зьбіраю, а ты толькі і глядзіш, як бы гэта чужым дабром пажывіцца. Бывай!

Латышская народная казка. Пераклад з расейскай мовы.