среда, 28 ноября 2007 г.

Казкі пра браўні

1. ФЭРН-ДЭНСКІ БРАЎНІ

Калісьці ў Шатляндыі жыло шмат браўні. Браўні – яны накшталт дамавікоў, але жывуць не ў дамах і не на падворках, а самі па сабе, дзе-небудзь непадалёку ад людзкога жытла. Ёсьць шмат казак пра браўні з Бодсбэка і браўні з Блэднока, але самая лепшая – гэта казка пра браўні з Фэрн-Дэна.

Фэрн-Дэн – гэта папаратнікавая лагчына. Так называлася калісьці адна фэрма, якая месьцілася ў самым канцы лагчыны, парослай буйной цёмна-зялёнай папарацьцю. Праз гэтую лагчыну трэба было прайсьці, каб трапіць на фэрму.

Хадзілі чуткі, што ў лагчыне жыве браўні. Удзень ён хаваўся ў папараці, а па начох, калі зь неба сьвяціў месяц, людзі часам бачылі, як ён без адзінага гуку, нібыта пачварны цень, крадзецца ад дрэва да дрэва, стараючыся, каб яго не заўважылі. Але ён ніколі нікому не рабіў нічога дрэннага. Бо ўсе браўні, калі іх ня крыўдзяць, ня толькі ня шкодзяць людзям, але наадварот, стараюцца дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Фэрмэр, гаспадар Фэрн-Дэна, часьцяком казаў, што нават ня ведае, як бы ён абыходзіўся без свайго браўні. Бо калі на фэрме трэба было тэрмінова нешта зрабіць, напрыклад, абмалаціць ды правеяць жыта ці ссыпаць зерне ў мяхі, сабраць рэпу, памыць бялізну ці прапалоць гарод – на дапамогу абавязкова прыходзіў браўні. Гаспадарам фэрмы варта было толькі перад тым, як класьціся спаць, адчыніць дзьверы сьвірану, ці пуні, ці хлява, ды паставіць на парог місачку з малаком – браўні на вячэру, і калі яны раніцай прачыналіся, місачка была пустая, а ўся праца паробленая. Прычым, усё было зроблена нават лепей, чым зрабілі б людзі.

Усе ведалі, што браўні – істота лагодная і добразычлівая, але ўсе чамусьці яго баяліся. Калі людзі вярталіся дадому з касьцёлу ці зь кірмашу, то яны нават уначы абыходзілі за некалькі міляў папаратнікавую лагчыну, бо вельмі баяліся нават здалёк убачыць браўні.

Адна толькі жонка фэрмэра не баялася браўні. Яна была вельмі добрай і ветлівай жанчынай і нічога ды нікога ў гэтым сьвеце не баялася. Калі ёй трэба было паставіць за парог місачку з малаком, браўні на вячэру, яна налівала ў яе самае тлустае і густое малако ды яшчэ клала ў яго поўную лыжку вяршкоў.
– Браўні вельмі старана працуе на нас, – казала яна, а грошай ня просіць. Таму мы мусім частаваць яго як мага лепей.

І вось аднойчы ўвечары фэрмэрка раптоўна захварэла, ды так моцна, што ўсе баяліся, каб яна не памерла. Ейны муж пачаў хвалявацца, прыслуга таксама, бо яна была вельмі добрай гаспадыняй, і ўсе любілі яе, як родную маці. Але ўсе яны былі людзьмі маладымі, у хваробах нічога не разумелі і таму казалі, што трэба тэрмінова выклікаць вопытную бабулю лекарку, якая жыла за сем міляў ад фэрмы на супрацьлеглым беразе ракі.

Але хто ж за ёй паедзе? Вось дзе праблема! Набліжалася поўнач, навокал было цёмна, як у пекле, а дарога да дому лекаркі праходзіла якраз праз лагчыну, а там жыў браўні, якога ўсе яны вельмі баяліся.

І ніхто на фэрме нават не здагадваўся, што той, каго яны так страшацца, стаіць за кухоннымі дзьвярыма ды слухае іхныя размовы.

Гэта быў маленькі валасаты пачварны чалавечак з доўгаю барадою, чырвонымі павекамі, шырокімі пляскатымі ступакамі, падобнымі да жабіных лапак, і доўгімі хударлявымі рукамі, якія зьвісалі ажно да зямлі.

Браўні быў вельмі ўстрывожаны і ўважліва прыслухоўваўся да размоваў на кухні. У той вечар ён, як заўсёды, вылез са сваёй патаемнай норкі ў лагчыне, каб даведацца, ці ёсьць для яго праца на фэрме, і выпіць сваю місачку малака. І тут ён убачыў, што ўваходныя дзьверы ў доме не зачыненыя, а ў вокнах гарыць сьвятло, і здагадаўся, што на фэрме нешта здарылася. Бо ў такі позьні час там заўсёды было цёмна і ціха. Тады ён прабраўся на ганак, каб даведацца, што там адбываецца і з размоваў прыслугі зразумеў, што фэрмэрка захварэла. У яго ажно сэрца разбалелася – так моцна любіў ён фэрмэрку, бо яна заўсёды вельмі добразычліва да яго ставілася. І ён моцна раззлаваўся, калі даведаўся, што гэтыя нягодныя баязьліўцы не асьмельваюцца ехаць за лекаркай, бо баяцца яго, браўні.

– Во дзе дурні!.. – прамармытаў ён і тупнуў шырокай пляскатай нагой. – Нібыта я кінуся іх кусаць, як толькі сустрэну! Каб яны толькі ведалі, як жа я стараюся не трапляцца ім на вочы, тады б яны можа не вярзьлі такую бязглузьдзіцу. Але нельга марудзіць, бо так гаспадыня і памерці можа. Мусіць, давядзецца мне самому за лекаркай ехаць.

Тут браўні падняў руку, зьняў зь цьвіка цёмны фэрмэрскі плашч і накінуў яго сабе на галаву. Потым захутаў у яго сваё нязграбнае цела і хуценька пабег да стайні, а там ускочыў на самага быстраногага каня і стрымгалоў панёсься да дому лекаркі.

Старая лекарка спала, калі браўні пачаў барабаніць у ейнае акно. Праз хвіліну ў акне паказаўся белы начны каптурок. Бабуля прыціснулася тварам да шкла.
– Хто там? – спытала яна.
Браўні нахіліўся і прамовіў сваім глухім басам:
– Хутчэй зьбірайся, спадарыня! Трэба ратаваць жыцьцё гаспадыні Фэрн-Дэна. На фэрме яе няма каму лячыць, бо там адны толькі дуры-служанкі.
– Але як жа я туды дабяруся? – занепакоілася старая. – Ці прыехала за мной павозка?
– Павозкі няма, – адказаў браўні. – Сядай да мяне за сьпіну і моцна трымайся за мяне.

Браўні ня проста казаў, ён загадваў, і лекарка не магла не паслухацца яго. Яна хуценька апранулася і выйшла з хаты. Потым стала на камень, які ляжаў ля ганку, узьлезла на каня і села, моцна абхапіўшы незнаёмца ў цёмным плашчы.

Яны ехалі моўчкі, пакуль не наблізіліся да лагчыны. Тут бабці зрабілася страшна.
– Як Вы думаеце, ці не сустрэнем мы тут браўні? – нясьмела спытала яна. – Ня хочацца мне яго бачыць! Людзі кажуць, што сустрэча зь ім не прадвяшчае нічога добрага.

Ейны спадарожнік рассьмяяўся нейкім дзіўным сьмехам.
– Не турбуйся і не кажы абы чаго, – строга сказаў ён. – Ты баішся сустрэць пачвару. Але нікога больш брыдкага, чым той, хто сядзіць зараз з табой на кані, ты ня ўбачыш. Гэта я табе абяцаю!
– Ну тады ўсё ў парадку! – прамовіла бабуля і ўздыхнула з палёгкаю. – Хоць я і ня бачыла Вашага твару, але ведаю, што вы чалавек добры і прыстойны, бо ня стане зласьлівец так супакойваць бедную бабцю.

Больш яны не размаўлялі, ажно пакуль не праехалі праз усю лагчыну і конь ня ўбег ува двор фэрмы. Тут вершнік спыніўся, саскочыў з каня, працягнуў свае моцныя доўгія рукі і асьцярожна ссадзіў бабулю. І раптам зь яго сасьлізнуў плашч, і лекарка ўбачыла, што ейны спадарожнік – пачвара з кароткім шырокім тулавам і брыдкімі бясформеннымі рукамі і нагамі.
– Дык хто ж Вы такі? – спытала яна, узіраючыся ў ягоны твар, асьветлены ранішняю зарою. – Чаму ў Вас вочы як талеркі? І што ў Вас за ступакі? Нешта ж яны занадта вялікія і жабіны лапкі нагадваюць!

Браўні весела рассьмяяўся.
– У маладосьці я шмат міляў прайшоў пешшу. А кажуць, хто многа ходзіць, у таго ступакі становяцца расплясканымі – адказаў ён. – Але ты, спадарыня, не губляй дарма часу. Ідзі ў дом. А калі хто спытае, як ты здолела так хутка сюды даехаць, скажы вось што:
– Людзі за мной не прыехалі. Таму давялося мне ехаць, седзячы за сьпінаю ў браўні з Фэрн-Дэна! :)

2. “Я САМ”

Жыў-быў хлопчык, і звалі яго Парсі. Як і многія хлопчыкі і дзяўчынкі, увечары ён нізавошта не жадаў класьціся спаць.

Парсі і ягоная мама жылі ў маленькім мураваным доміку на самай мяжы паміж Шатляндыяй і Англіяй. Жылі яны бедна, але па вечарох, калі запальваліся залатыя сьвечкі, а ў каміне весела гарэў яркі агонь, у іхным доміку было вельмі ўтульна. Тады Парсі ўладкоўваўся ля каміну, а мама распавядала яму старадаўнія казкі. А калі не распавядала, ён проста сядзеў ды глядзеў на полымя, якое ўвесь час мянялася, то ўспыхваючы, то ападаючы... Нарэшце (Парсі заўсёды лічыў, што занадта рана) мама казала сыночку:
– Трэба ўжо класьціся спаць, Парсі!
Хлопчык упарціўся і казаў: “Яшчэ рана!” Але ўсё ж такі мусіў класьціся ў ложак. І, бывала, не пасьпее дакрануцца галавою да падушкі, як адразу і засьне.

І вось аднойчы ён ніяк не хацеў класьціся, а маме надакучыла яго ўгаворваць. Яна ўзяла сьвечку і сказала:
– Можаш заставацца тут, калі табе так хочацца. Але, калі прыйдзе старая фея і забярэ цябе з сабою – будзеш вінаваты сам. Тады пашкадуеш, што мяне не паслухаўся.
І яна пайшла ў спальню.
“Няўжо я стану баяцца старую фею!” – раздражнёна прамармытаў Парсі і застаўся сядзець ля агню.

Трэба сказаць, што ў доміку матулі Парсі, як і ў шматлікіх іншых фэрмэрскіх дамах, кожную ноч зьяўляўся маленькі браўні. Ён спускаўся ў камін па дымаходу, падмятаў падлогу і наводзіў у хаце парадак. Каб узнагародзіць яго за гэтыя паслугі, мама Парсі заўсёды ставіла за парогам місачку зь вяршкамі, зьнятымі з казінага малака. Раніцай місачка заўсёды была пустой, бо ў тыя часы ўсе браўні сябравалі зь людзьмі. Але яны былі вельмі запальчывымі і злаваліся, калі ім здавалася, што людзі іх пакрыўдзілі. І калі, ня дай Божа, гаспадыня забывалася пакінуць для браўні місачку зь вяршкамі ці малаком, то нараніцу ў яе хаце ўсё было перавернута дагары нагамі, а браўні ўжо больш ніколі не прыходзіў дапамагаць ёй па гаспадарцы.

Але той браўні, што дапамагаў матулі Парсі, заўсёды знаходзіў за парогам місачку зь вяршкамі. Таму ён зьяўляўся ў хаце кожную ноч і працаваў бясшумна і вельмі старана, пакуль Парсі і ягоная мама соладка спалі. Трэба сказаць, што ў гэтага браўні таксама была матуля – старая і вельмі злая фея. Яна недалюблівала людзей. Пра яе і казала мама Парсі, калі сыходзіла ў спальню.

А Парсі ўсё сядзеў ды сядзеў ля агню, вельмі задаволены тым, што дамогся свайго. Але, калі агонь пачаў згасаць, хлопчыку стала холадна і ён вырашыў іьсці спаць, як раптам нешта заварушылася, зашамацела ў дымаходзе і неўзабаве з каміна ў пакой выскачыў браўні – маленькі чалавечак з тонкімі крывымі ножкамі і вострымі вушкамі. Парсі вельмі зьдзівіўся – ён зусім не спадзяваўся ўбачыць браўні. А той таксама зьдзівіўся, што Парсі ўсё яшчэ ня сьпіць. Хлопчык усё глядзеў ды глядзеў на браўні і нарэшце спытаў:
– Як цябе зваць?
– “Сам” – адказаў браўні і хітравата ўсьміхнуўся. – А цябе як?
Парсі здагадаўся, што браўні пажартаваў і вырашыў таксама адказаць жартам:
– Мяне завуць “Я сам”,
І яны пачалі гуляць ля каміну.

“Сам” быў вельмі жвавым браўні і Парсі толькі вачыма лыпаў, калі той спрытна, нібыта кошка, саскокваў з высокай шафы на стол ці раскідваў кошыкі па падлозе. Незаўважна праляцеў час. Парсі падышоў да каміна і паварушыў вугольле, і тут раптам гарачы чырвоны вугельчык адскочыў убок і ўпаў прама на ножку браўні. “Сам” завішчаў ад болю, ды так пранізьліва, што старая фея, ягоная маці, пачула, ды, разьюшыўшыся, пачала крычаць у дымаход:
– Хто цябе пакрыўдзіў? Адказвай! Вось я зараз спушчуся і ён у мяне паскача!
Тут Парсі кінуўся ў спальню, забраўся ў свой ложак і з галавой загарнуўся ў коўдру. Ён дрыжэў усім целам – так яму было страшна.

– Ну, кажы, хто зрабіў табе балюча?! – крычала старая фея сыну.
– Гэта “Я сам”! – завішчаў у адказ браўні.
– Дык чаго ж ты расшумеўся? – адгукнулася ягоная маці. – Чаму я павінна турбавацца з-за ўсялякіх дробязяў? Сам сабе зрабіў балюча, значыць, сам і вінаваты. Тут з каміну высунулася доўгая кашчавая рука са скурчанымі пальцамі, схапіла браўні і пацягнула яго ў дымаход.

Раніцай маці Парсі ўбачыла, што місачка зь вяршкамі стаіць за парогам некранутая. І браўні ўжо ніколі больш не прыходзіў у іхны домік. Вельмі перажывала мама Парсі, што засталася без такога старанага памочніка. Затое ейнага сыночка цяпер ужо ня трэба было ўгаворваць класьціся спаць. Парсі крыху пабойваўся – а раптам доўгая кашчавая рука са скурчанымі пальцамі ізноў высунецца з каміна дый пацягне яго, Парсі, у дымаход. :)

(Казкі перакладзены з расейскай мовы)