суббота, 1 марта 2008 г.

Дзеці караля Эйлпа

Даўным-даўно ля падножжа пагоркаў, пакрытых ільдамі, у густым ценю стогадовых дрэваў адбылася бітва паміж каралём Эйлпа і друідамі. І калі яна скончылася, кароль разам са сваімі ваярамі ляжаў на зямлі мёртвы, а друіды шпацыравалі па ягоным палацы ды гарланілі свае дзікія пераможныя песьні.

І раптам яны заўважылі абодвух дзяцей караля Эйлпа: дзяўчынка і хлопчык сядзелі, скурчыўшыся, ля вялізных дзьвярэй. Іх паднялі і з радаснымі крыкамі пацягнулі да важака.
– Дзяўчынку мы забярэм з сабой, – вырашылі друіды. – І няхай усе ведаюць, што з гэтай хвіліны яна належыць нам!
У той жа момант адна зь іхных жанчынаў дакранулася да паланянкі і беласьнежная скура дзяўчынкі зрабілася зялёнай, як трава.

Але друіды яшчэ ня вырашылі, што ім рабіць з сынам караля Эйлпа. А ён раптам вырваўся ў іх з рук і пабег хутчэй за аленя ў напрамку гор. Ён бег, не спыняючыся, ажно пакуль не падняўся на вяршыню гары Бэн-Глойн, што азначае “Шкляная гара”. На яе ледзяной вяршыні ён і заснуў у тую ноч. Але пакуль ён спаў, адзін друід знайшоў яго і зачараваў, ператварыўшы ў паляўнічага сабаку, пасьля чаго ізноў вярнуў гаротнага хлопчыка ў палац. Але ён не пазбавіў каралевіча мовы.

Друіды, зьбіраючыся пакінуць палац караля Эйлпа, вырашылі ня браць з сабой каралеўну, бо яна мусіла даглядаць свайго брата. Да таго ж яна адмаўлялася падпарадкоўвацца іхным жанчынам, і тыя былі рады пазбыцца яе.
– Зялёная дзяўчынка і паляўнічы сабака будуць жыць разам у доме свайго бацькі, – прамовіў важак друідаў. – Мы іх зачаравалі, і нашыя магутныя чары ня пройдуць, пакуль не адбудуцца дзьве падзеі. Калі якая-небудзь дзяўчына добраахвотна пагадзіцца застацца тут назаўсёды і не пакідаць паляўнічага сабаку, каралевіч ізноў ператворыцца у чалавека. А калі каралеўну пацалуе прынц, яе скура ізноў зробіцца такой жа белай, як і была раней.

Каралеўна стаяла ля ўваходу ў палац, абвіўшы зялёнай рукой шыю паляўнічага сабакі, а важак друідаў перад тым, як назаўсёды пакінуць гэтае месца, прамовіў яшчэ адно прароцтва:
– Косьці вашага бацькі і ягоных ваяроў застануцца тут. Іх высушыць сонца і адмыюць дажджы. І будуць ляжаць яны, непахаваныя, ажно пакуль дзеці вашых дзяцей не пакладуць іх у труны і не засыплюць зямлёй.

Шмат гадоў брат і сястра жылі самотна ў бацькоўскім доме, уся зямля вакол якога зарасла буйной цёмна-зялёнай папарацьцю. Зялёнаскурая дзяўчынка вырасла і ператварылася ў высокую, стройную паненку. Яна блукала па апусьцелых пакоях бацькоўскага палаца і зялёныя валасы рассыпаліся ў яе па плячах. Ні на крок не адыходзіў ад яе паляўнічы сабака з чалавечымі вачыма. Ён умеў размаўляць, і ў ягонай душы жылі мары, уласьцівыя ўсім маладым людзям.

І вось калі брат і сястра сталі дарослымі, сусед іхнага загінуўшага бацькі, кароль Эрбі, вырушыў у паход, узяўшы з сабой тры сотні ваяроў. Не пасьпелі яны дайсьці да гор, як зь неба спусьціўся густы белы туман, і кароль згубіў сьцяжынку, па якой ішоў.
– Трымайцеся бліжэй да мяне! – крыкнуў ён сваім спадарожнікам.
На ягоны крык адгукнулася толькі сто чалавек. А кароль усё ішоў ды ішоў наперад і нарэшце заўважыў справа ад сябе слабае пабліскваньне ціхага горнага возера і зноўку крыкнуў:
– Трымайцеся бліжэй да мяне!
Гэтым разам адгукнулася толькі дваццаць ваяроў.

Кароль схапіўся за меч, нібыта жадаючы рассекчы ім туман, і зноў пайшоў наперад. А калі зьлева ад сябе ён здолеў разгледзець ледзьве бачныя абрысы магутнай яліны, гукнуў у трэці раз:
– Трымайцеся бліжэй да мяне!
Але цяпер ужо адгукнуліся толькі тры ваяры. І калі, прабіраючыся праз буйную папараць, ён у апошні раз паклікаў сваіх спадарожнікаў, на ягоны крык ніхто не адгукнуўся, і ён зразумеў, што застаўся адзін.

Зь мячом у руцэ ён стаяў, не кранаючыся зь месца, пакуль туман ня ўзьняўся над пагоркамі і, ператварыўшыся ў шматлікія празрыста-белыя ветразі, не паплыў па сіняму небу. І тут падарожнік убачыў перад сабой палац караля Эйлпа. Буйная цёмна-зялёная папараць расла ў шчылінах ягоных старых сьценаў, паскараючы іхняе разбурэньне.

Кароль Эрбі зь вялікай асьцярогаю наблізіўся да брамаў, якіх ніхто не ахоўваў, і ўвайшоў у бязьлюдны двор. Ён па-ранейшаму быў усыпаны касьцямі тых, хто загінуў у бітве з друідамі. Косьці гэтыя ўжо высушыла сонца і выбелілі дажджы. “Пэўна, калісьці тут адбылася страшная бітва!” – падумаў кароль Эрбі і накіраваўся да ўваходу ў палац, але па дарозе выпадкова зачапіў нагой чыйсьці чэрап. Гэта быў чэрап самога караля Эйлпа. Ён пакаціўся па двару, і раптам агромістыя дзьверы палаца адчыніліся і адтуль выскачыў разьюшаны паляўнічы сабака. Ён накінуўся на караля Эрбі, паваліў яго на зямлю і гатовы быў ужо ўчапіцца яму ў горла. Нечаканы напад вельмі напалохаў караля, але яшчэ больш ён спужаўся, калі з ашчэранай сабачай пашчы з вострымі ікламі пачуўся чалавечы голас.

– Ты апаганіў косьці майго бацькі! – злосна зарыкаў сабака. – Ты таптаў сваімі бруднымі нагамі тых, што асуджаныя ляжаць непахаванымі, ажно пакуль дзеці нашых дзяцей не пакладуць іх у труны і не засыплюць зямлёй!
– Зжалься нада мною! – ускрыкнуў кароль Эрбі, трасучыся ад жаху. – Я ня ведаю, хто ты, але прашу цябе: не забівай мяне!

Раптам з палаца данёсься звонкі дзявочы галасок:
– Не чапай гэтага незнаёмца, брат! Хто ведае, можа ён здолее зняць з нас чары?
Паляўнічы сабака адскочыў убок, і кароль, хістаючыся, падняўся зь зямлі. І тут ён убачыў, што праз двор ідзе да яго высокая, стройная дзяўчына зь ярка-зялёнымі валасамі і скурай такога ж самага колеру.
– Дзе я? – зьдзіўлена спытаў кароль. – І хто вы такія?

– Гэта палац караля Эйлпа. Ён быў забіты пад час бітвы з нашымі ворагамі – друідамі, – адказала каралеўна. – А мы – няшчасныя дзеці караля Эйлпа.
Тады загаварыў паляўнічы сабака.
– Як цябе завуць, незнаёмец?– спытаў ён.
– Я кароль Эрбі, – адказаў той. – У мяне таксама ёсьць сын і дачка, і яны будуць аплакваць мяне ўсё жыцьцё, калі я не вярнуся да іх.

І тут хітрая задума прыйшла ў галаву каралевічу. Ён паклікаў сястру і сказаў ёй:
– Мы мусім завабіць сюды дачку гэтага караля. Я пастараюся ўгаварыць яе застацца са мной на ўсё жыцьцё, і тады зноў стануся чалавекам. І хто ведае – а раптам яе брат здолее зьняць зь цябе чары друідаў? Бо ён жа –прынц, і ягоны пацалунак можа вызваліць цябе ад іхных чараў.

– Вельмі добра ты ўсё прыдумаў! – сказала сястра. – Але як жа гэта зрабіць? Жанчына павінна застацца з табой, ня ведаючы, што ты – каралевіч. А прынц мусіць пацалаваць мяне, не здагадваючыся, што мяне зачаравалі друіды. І мы ня можам распавесьці пра нашую таямніцу каралю Эрбі.

– Так, сястра, – прамовіў каралевіч. – Тады давай скажам каралю, што заб’ем яго толькі праз год. Няхай вяртаецца ў сваё каралеўства і за гэты час падрыхтуе сына сабе ў пераемнікі. А ты пойдзеш з каралём і прывядзеш да нас ягоную дачку. Яна паслужыць залогам таго, што ейны бацька вернецца да нас праз год. Так мы завабім прынцэсу да сябе ў палац, а астатняе ўжо залежыць толькі ад нас саміх. Калі нас напаткае няўдача, то давядзецца нам да канца сваіх дзён бедаваць у адзіноце.

І вось яны сказалі каралю Эрбі, што адпускаюць яго на год, але з умоваю, што ягоная дачка пражыве гэты год у іхным палацы. Кароль вымушаны быў пагадзіцца і ў той жа дзень ён разам з дачкою караля Эйлпа вырушыў у дарогу. Падарожнікі не адпачывалі ні днём, ні ноччу, ажно пакуль не дайшлі да каралеўскага палаца.

Неўзабаве паляўнічы сабака, які ўвесь гэты час чакаў сястру, ні на хвіліну не адыходзячы ад брамаў, заўважыў, як яна спускаецца з пагорка, а побач зь ёю ідзе маладая прынцэса. Гэта была Ойгрыг, дачка караля Эрбі. А сын караля Эйлпа як толькі зірнуў на яе, дык адразу падумаў, што прыгажэй за яе няма ніводнай дзяўчыны ва ўсім белым сьвеце.

Брат і сястра прынялі Ойгрыг як ганаровую госьцю, і неўзабаве ейная нянавісьць і недавер да незвычайных гаспадароў зьмяніліся зьдзіўленьнем. Яна не разумела, як могуць гэты рахманы паляўнічы сабака з такімі добрымі вачыма і гэтая пяшчотная зялёная дзяўчына пагражаць сьмерцю ейнаму бацьку. Яна прасіла іх зьлітавацца над каралём Эрбі, але яны не зважалі на ейныя мольбы.

– Вы скрываеце ад мяне нейкую таямніцу, – сказала нарэшце Ойгрыг. Я ведаю, што ў вашых сэрцах няма ані каліва жорсткасьці.
І вось прыйшла вясна, і заквітнелі на зялёных пагорках званочкі; прыйшло лета, і кнігаўкі закружыліся ў сіне-блакітных нябёсах; прыйшла восень, і гронкі ярка-чырвоных ягад запалалі на галінках рабіны. Набліжаўся час вяртаньня караля Эрбі да дзяцей караля Эйлпа.

– Як добра тут у вас у гарах! – усклікнула неяк восеньню Ойгрыг.
Сэрца ў каралевіча закалацілася ад радасьці. Але дзяўчына не прамовіла тых словаў, якія ён прагнуў пачуць. А калі пагоркі атуліў першы сьнег, каралевіч сказаў ёй:
– Ты хутка ўжо пакінеш нас, Ойгрыг. Заўтра твой бацька прыйдзе сюды, а ты вернешся да сваіх.
– Вярнуся, але – адна! – тужліва усклікнула Ойгрыг. – Прашу цябе, не адпускай мяне адну! Малю, зжалься над маім бацькам! – Яна памаўчала, і потым ціха дадала: – А калі ты ня хочаш адпусьціць нас абодвух, адпусьці толькі бацьку, а мяне пакінь тут назаўсёды ці забі мяне замест яго.

І радасна і, адначасова, недаверліва глядзелі на яе дзеці караля Эйлпа.
– Ты і насамрэч згодная застацца тут назаўжды? – пыталіся яны.
– Так, – адказала Ойгрыг. – Я раблю гэта дзеля выратаваньня жыцьця майго бацькі. І як толькі яна прамовіла гэтыя словы, чары друідаў адразу ж разьвеяліся. Сын караля Эйлпа скінуў зь сябе сабачае аблічча і ўмомант ператварыўся ў высокага, прыгожага юнака.
– Не хвалюйся за бацьку, – сказаў ён з усьмешкаю. – У мяне нават і ў думках не было забіць яго.

Затым ён распавёў прынцэсе аб тым, як яго зачаравалі, а ягоная сястра абняла іх абодвух сваімі зялёнымі рукамі і расплакалася ад радасьці.

Тут ува двор увайшоў кароль Эрбі, і, убачыўшы іх, быў вельмі ўражаны. Яму раскрылі таямніцу, і ён зноўку выправіўся на радзіму, каб прывесьці свайго сына на вясельны баль, бо Ойгрыг і сын караля Эйлпа ўжо зьбіраліся павянчацца.

Апоўдні наступнага дня кароль Эрбі і ягоны сын прыбылі ў палац караля Эйлпа. Усе сустракалі іх з радасьцю. Адна толькі дачка караля Эйлпа была маркотная, бо яна зь першага погляду ўсім сэрцам пакахала юнага прынца, а яму не спадабаліся яе доўгія зялёныя валасы і смарагдавая скура.
– Не, не дачакаюся я ад яго пацалунку – так і застануся зачараванай, – сказала яна брату, і па яе зялёных шчоках пакаціліся буйныя сьлёзы.

– Не адчайвайся! – мовіў ён. – Прынясі лепей келіх бурштынавай медавухі, якая зварана з мёду дзікіх пчолаў. У старажытныя часы людзі казалі, што гэта чароўная медавуха. Хто ведае, а раптам яна схіліць сэрца прынца да цябе.
Сястра паслухалася ягонай парады і паднесла сыну караля Эрбі келіх чароўнага сонечнага напою.

–Пакаштуй! Ён пахне верасамі, – сказала дзяўчына. – Ён нагадае табе аб пагодных летніх дзяньках.
Прынц узяў келіх у яе з рук і паднёс да вуснаў. І вось, як толькі ён пакаштаваў чароўны мядовы напой, вочы ягоныя ўбачылі каралеўну ў яе былым прыгожым абліччы, і падалося яму, што не параўнуецца зь ёй аніякая іншая дзяўчына. Ён паставіў на стол келіх, абняў каралеўну і пацалаваў яе. І ў той жа момант злыя чары друідаў разьвеяліся, і дачка караля Эйлпа ізноў зрабілася прыгажуняю.

У той дзень адбыліся два вясельныя балі замест аднаго. Ойгрыг і сын караля Эйлпа засталіся ў палацы і шчасьліва пражылі там усё сваё жыцьцё. А дачка караля Эйлпа накіравалася разам з каралём Эрбі і ягоным сынам у іхняе каралеўства. І яны таксама знайшлі там сваё шчасьце.

А зь цягам часу зьдзейсьнілася і трэцяе прадказаньне друідаў: дзеці дзяцей караля Эйлпа сабралі са двара косьці ваяроў, даўным-даўно загінуўшых ў бітве з друідамі, паклалі іх у труны і нарэшце пахавалі, засыпаўшы зямлёй.

( Шатляндская казка. Пераклад з расейскай мовы.)

Комментариев нет:

Отправить комментарий